Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шу́ры-му́ры, нескл.; адз. няма.

Разм. Любоўныя справы, прыгоды. Купрыяніха, што шуры-муры закруціла з папом, два тыдні на вуліцу не паказвалася і дала слова больш ніколі не хадзіць у царкву. Чарот.

шу́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Тое, што і шуснуць (у 3 знач.); упасці, праваліцца куды‑н. За восень у балота так наліла, што ў поцемках можна шуснуцца ў прорву — і памінай як звалі. Дуброўскі.

шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

шуст, ‑а, М ‑сце, м.

Спец. Інструмент для згладжвання няроўнасцей, выдалення ржы і пад. у ствале ружжа.

шустава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць, прызначаны для шустоўкі.

шустава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шуставаць.

шустава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да шуставаць.

шустава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец. Згладжваць шустам няроўнасці, выдаляць іржу і пад. у ствале ружжа.

шусто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шуставаць.

шустраво́кі, ‑ая, ‑ае.

Разм. З шустрымі, жывымі вачамі. Зімой [Раман] ажаніўся з брыгаднай учот[чыцай] Янінай, дзяўчынай шустравокай, вясёлай, бойкай. Хадкевіч.