уваскраса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уваскрэснуць.
уваскраша́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да уваскрашаць.
уваскраша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уваскрэсіць.
уваскрашэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. уваскрашаць — уваскрэсіць.
уваскрэ́сенне, ‑я, н.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — вяртанне мёртвых да жыцця.
2. перан. Унутранае абнаўленне, адраджэнне.
уваскрэ́сіць, ‑крэшу, ‑крэсіш, ‑красіць; зак., каго-што.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуць да жыцця таго, хто памёр; ажывіць. [Макар:] — Яго [бацьку] ўжо не ўваскрэсіш. Асіпенка.
2. перан. Выклікаць унутранае абнаўленне, зрабіць зноў жыццядзейным; аднавіць чые‑н. сілы. Спорт уваскрэсіў ранейшую сілу і спрыт. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне аб чым‑н., аднавіць у памяці што‑н. забытае. Я жыў у снах і дзень, і два, і месяц, каб хоць на міг твой вобраз уваскрэсіць. Федзюковіч.
уваскрэ́слы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — які ўваскрэс, вярнуўся да жыцця.
2. Які зноў узнік, ажыў; праявіўся з ранейшай сілай. Лёліны словы будзілі ўспаміны, і ўваскрэслае мінулае станавілася перада мною, як жывое. Сабаленка.
уваскрэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уваскрэс, ‑ла; зак.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуцца да жыцця пасля смерці; ажыць. Тут музыка як урэзаў — Нежывы і то ўваскрэс! Гілевіч. // Пра таго, хто лічыўся прапаўшым без вестак і пад. // Стаць здаровым, бадзёрым, жыццядзейным. Уваскрэснуць духам.
2. Узнікнуць зноў, ажыць; праявіцца з ранейшай сілай. За хвіліну прабяжыць .. [жыццё] ва ўспамінах усё — далёкае, забытае ўваскрэсне, як самая ясная ява, што толькі кранула цябе сваім цёплым дыханнем. Скрыган. // Адрадзіцца, аднавіцца. Лявей .. ўзвышаліся валы з нейкай руінай — і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар. Караткевіч. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.
уваскрэ́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уваскрэсіць.
увасла́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уваслаць.