бры́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Разм. зневаж. Пра таго, хто без патрэбы ходзіць, сланяецца, нічога не робіць. Эх, брында ты, брында! Не слухаеш старога — скулу мець будзеш. Колас.
бры́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Хадзіць, совацца без патрэбы; сланяцца, нічога не робячы. [Ева:] — А прыйшоў [сын] з вайны калекам — купіў ружжо ды ўнадзіўся хадзіць па лесе: брындае цэлы дзянёчак. Масарэнка.
бры́нканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. брынкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць. Брынкае шыба. // Выклікаць ударам такі гук. Нехта доўга брынкаў на кухні пасудай.
2. на чым. Няўмела або ляніва іграць на якім‑н. музычным інструменце. Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Зарэцкі. Я ўжо ўмеў чытаць ноты, сяк-так брынкаў на раялі, і таму вучоба музыцы не была для мяне вялікім цяжарам. Хомчанка.
брынклі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Надтрэснуты (пра гук, голас). Дзядок бадзёра выйшаў на сцэну і, моцна прыстукваючы кіем аб падлогу, пачаў нешта натужліва крычаць тонкім, брынклівым голасам. Краўчанка.
бры́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да брынкаць.
брынча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Тое, што і брынкаць (у 1 знач.). Я ўсю дарогу не зводжу вачэй з пагнутага парожняга вядра, што брынчыць ззаду на дзедавым возе. Сачанка. Кроплі па даху брынчалі, Бегла дарогі рака. Лось.
брыня́ць, ‑яе; незак.
1. Набіраючыся вільгаці, павялічвацца, расшырацца ў аб’ёме; разбухаць.
2. Павялічвацца ў працэсе росту, напаўняючыся пажыўнымі сокамі. То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Хай зярняты прарастаюць, Новай сілай хай брыняюць Колас, кветка, ліст! Кірэенка.
3. Расшырацца, павялічвацца ў аб’ёме; ацякаць, распухаць.
брысці́, брыду́, брыдзе́ш, брыдзе́; брыдзём, брыдзяце́; пр. брыў, брыла́, ‑ло́; заг. брыдзі́; незак.
Ісці павольна, з цяжкасцю перастаўляючы ногі; цягнуцца. І бачыць дзед Талаш — вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Колас. Гэта ёсць пераход, каб не лезці ў ваду, не брысці цераз брод. Дубоўка.