Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інспірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да інспіраваць.

інспірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Кніжн. Нагаворамі, падбухторваннем выклікаць (выклікаць) у каго‑н. якія‑н. думкі, погляды і пад. Інспіраваць грамадскую думку.

[Ад лац. inspirare.]

інспіра́тар, ‑а, м.

Кніжн. Той, хто інспіруе што‑н.; падбухторшчык.

інспіра́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. інспіраваць; падбухторванне. Палітычная інспірацыя буржуазных газет. Інспірацыя паўстання.

інста́нцыя, ‑і, ж.

Асобная ступень у сістэме падначаленых адзін другому органаў дзяржаўнага кіравання, партыйных, прафсаюзных, судовых і інш. арганізацый. Вышэйшыя інстанцыі. Першая інстанцыя. □ Было задавальненне ад таго.., што такая высокая партыйная інстанцыя з такой чуласцю і ўвагай паставілася да справы радавых камуністаў. Шамякін.

[Ад лац. instantia — непасрэдная блізкасць.]

інструктава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. інструктаваць.

інструктава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да інструктаваць.

інструктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго-што.

Даць (даваць) каму‑н. кіруючыя ўказанні, інструкцыі. Інструктаваць агітатараў. □ Заранік інструктаваў рэдкалегіі калгасных насценгазет, пісаў для іх артыкулы і вершаваныя фельетоны і быў рады, калі яго слова даходзіла да людзей. Хадкевіч.

інструкта́ж, ‑у, м.

Тое, што і інструктаванне. Даць інструктаж. Атрымаць інструктаж.

інстру́ктар, ‑а, м.

1. Супрацоўнік якой‑н. установы, што кантралюе дзейнасць іншых арганізацый, інструктуе, як правільна арганізаваць работу. Інструктар райкома.

2. Спецыяліст, які вучыць і дапамагае правільна наладзіць якую‑н. справу. Інструктар па культмасавай рабоце. Інструктар фізкультуры. Інструктар-кансультант.

•••

Санітарны інструктар — асоба малодшага каманднага саставу, якая наглядае за санітарным станам роты і аказвае першую медыцынскую дапамогу.

[Ад лац. instructor — арганізатар.]