прэс-пап’е́, нескл., н.
1. Адна з пісьмовых прылад у выглядзе бруска або выгнутай пласцінкі з прымацаванымі лісткамі прамакальнай паперы. Прамакнуць напісанае прэспап’е.
2. Цяжкі прадмет з бронзы, мармуру або якога‑н. металу і пад., якім прыціскаюць паперы, дакументы, каб яны не раскідаліся. [Рымар] пераклаў на стале нейкія паперы, прыціснуў іх прэс-пап’е. Арабей.
[Фр. presse-papiers.]
прэс-парашо́к, ‑шку, м.
Спец. Раздробненая пластмаса, з якой пад вялікім ціскам вырабляюць розныя прадметы. Гузікі з прэс-парашку.
прэс-фо́рма, ‑ы, ж.
Спец. Прыстасаванне для вырабу аб’ёмных рэчаў, дэталей шляхам прасавання.
[Ням. Pressform.]
прэс-цэ́нтр, ‑а, м.
Орган з’ездаў, нарад, спартыўных спаборніцтваў і пад., які забяспечвае карэспандэнтаў і каментатараў радыё і тэлебачання інфармацыяй. // Цэнтр карэспандэнтаў, акрэдытаваных дзе‑н.
прэ́тар, ‑а, м.
У Старажытным Рыме — прадстаўнік вышэйшай судовай улады.
[Лац. praetor.]
прэтарыя́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прэтарыянцаў. Прэтарыянская гвардыя.
прэтарыя́нцы, ‑аў; адз. прэтарыянец, ‑нца, м.
У Старажытным Рыме — першапачаткова салдаты асабістай варты прэтара, а потым — салдаты імператарскай гвардыі. // Кніжн. Наёмныя войскі, якія служаць апорай улады, аснаванай на насіллі.
[Лац. praetoriani.]
прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.
1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.
2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.
[Ад лац. praetendere.]
прэтэндэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Той, хто прэтэндуе на што‑н., мае падставы на валоданне чым‑н., на атрыманне чаго‑н. — Скажыце, між іншым, — Ваўчок павярнуў на мяне твар і прыцішыў голас, — .. ёсць, акрамя нас, сёлета сур’ёзныя прэтэндэнты на пераходны сцяг Савета Міністраў і ЦК? Хадкевіч. // Той, хто прэтэндуе на атрыманне якога‑н. звання, узнагароды і пад. за выкананую працу. Прэтэндэнт на атрыманне ступені кандыдата навук. Прэтэндэнт на атрыманне дзяржаўнай прэміі.
[Ад лац. praetendens, praetendentis — які дамагаецца.]
прэтэндэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да прэтэндэнт.