прэфікса́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прэфікса, з прэфіксам. Прэфіксальны спосаб утварэння. Прэфіксальныя дзеясловы.
прэфікса́цыя, ‑і, ж.
Спосаб утварэння слоў шляхам далучэння прэфікса.
прэцызі́йны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца дакладнасцю. Прэцызійныя станкі. Прэцызійныя электравымяральныя прыборы. Прэцызійныя сплавы.
[Ад фр. précision — дакладнасць.]
прэцыпіта́т, ‑у, М ‑таце, м.
1. Спец. Асадак.
2. Штучнае фосфарнае ўгнаенне ў выглядзе белага парашку.
[Ад лац. praecipitatus — скінуты ўніз.]
прэць, прэю, прэеш, прэе; незак.
1. Гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні. Было тут калісьці — Багнішчы-балоты, ў дрыгве прэла лісце, Асокі, чароты... Купала. // Станавіцца запалёным ад перагравання і поту (пра скуру).
2. Разм. Пацець, пакрывацца потам ад цеплыні, цёплага адзення. Цыганы прэлі пад сваімі паласатымі коўдрамі, і я пазайздросціў людзям. Чыгрынаў. // перан. Старанна, шчыра займацца якой‑н. справай, трацячы шмат часу і сіл.
3. Разм. Ратавацца, даходзіць да поўнай гатоўнасці на невялікім агні. Бульба прэе. □ І свіную рабрынку, якая прэла ў .. баршчы, я браў не відэльцам.., а пальцамі, як у дзяцінстве. Сабаленка.
прэцэдэ́нт, ‑у, М ‑нце, м.
Кніжн. Выпадак у мінулым, які служыць прыкладам або апраўданнем для падобных выпадкаў у будучым. Савецкія людзі не маюць перад сабой гістарычных прэцэдэнтаў, ідуць нязведаным шляхам. «Звязда». // Рашэнне суда або іншага органа дзяржаўнай улады, якое прымаецца за ўзор пры рашэнні аналагічных выпадкаў. Судовы прэцэдэнт.
[Ад лац. praecedens, praecedentis — папярэдні.]
прэцэ́сія, ‑і, ж.
Спец. Рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
[Лац. praecessio.]
прэч, прысл.
1. У напрамку аддалення ад каго‑, чаго‑н., убок ад каго‑, чаго‑н. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Ён выстраліў некалькі разоў у Міколку і потым.. падаўся прэч. Лынькоў. [Каця] павярнулася і, сагнуўшыся, памалу пайшла прэч. Андрэй кінуўся за ёю. Чарнышэвіч. Алесь адламаў пашчапаныя дошкі, адкінуў прэч. Ваданосаў. // у знач. вык. Як патрабаванне адысці, пайсці, адсунуцца і г. д. (пры прапушчаным дзеяслове). [Бацька:] — Прэч дадому, блазнюк! Яшчэ цябе тут не хапала. Бажко. — Ану, прэч ад машыны! — сказаў ён [шафёр], штурхнуўшы Хаму Хаміча, і палез у кабіну. Корбан.
2. у знач. вык. Як патрабаванне або нежаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. Як гром, пранёсся кліч: — Таварышы, прэч цара! — Далоў вайну, — Далоў людское гора! А. Александровіч.
псава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. псаваць і стан паводле знач. дзеясл. псавацца.
псава́цца, псуюся, псуешся, псуецца; псуёмся, псуяцеся; незак.
1. Прыходзіць у стан няспраўнасці, станавіцца непрыгодным. Улетку, калі «студэнтачка» была дома, у.. [Тодзіка] каля яе хаты што-небудзь псавалася ў аўтобусе, а рамонт працягваўся доўга. Чорны. Плод.. [ігрушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі. // Паддавацца пашкоджанню. Ад чытання ў прыцемку псуюцца вочы. □ Я заўсёды ёй гаварыў: «Наталка, не прывыкай да цукерак, ад цукерак зубы псуюцца». Пянкрат.
2. Рабіцца непрыемным, брыдкім; пагаршацца. Калі .. [Васіль] глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой. Шамякін. Прыемна было ісці пешшу, асабліва ў лесе. Праўда, пачало псавацца надвор’е. Неба пакрылася смугою, якая пакрысе засланяла сонца. Чарнышэвіч.
3. Набываць дрэнныя схільнасці, станавіцца дрэнным. [Падпалкоўнік:] — Салдату нельга доўга сядзець у казармах, бо ён псуецца без работы, як іржавее без работы добры аўтамат! Лынькоў.
4. Зал. да псаваць.