Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

псі́на, ‑ы, ж.

1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.

2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.

псіх, ‑а, м.

Разм. Псіхічна неўраўваважаны чалавек.

псіха...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які мае адносіны да псіхікі», напрыклад: пcіхаідэалогія, псіхааналіз, псіхатэрапія.

[Ад грэч. psychē — душа.]

псіхаана́ліз, ‑у, м.

1. У псіхіятрыі — метад лячэння неўрозаў, які заключаецца ў выяўленні падсвядомых слядоў афектыўных перажыванняў, што ляжаць у аснове неўрозаў.

2. Ідэалістычны напрамак у буржуазнай псіхалогіі і псіхапаталогіі, які імкнецца ўсе псіхічныя праявы чалавека паставіць у залежнасць ад біялагічных інстынктаў і сцвярджае панаванне «падсвядомага» над «свядомым».

псіхааналіты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да псіхааналізу. Псіхааналітычнае даследаванне.

псіхава́ць, псіхую, псіхуеш, псіхуе; незак.

Разм. Траціць псіхічную раўнавагу; праяўляць нервознасць.

псіхагене́з, ‑у, м.

Спец. Вучэнне аб паходжанні і развіцці пачуццяў, мовы і разумовых здольнасцей чалавека.

псіхагене́зіс, ‑у, м.

Спец. Тое, што і псіхагенез.

псіхагігіе́на, ‑ы, ж.

Раздзел гігіены, які вывучае ўплыў навакольных умоў на псіхічнае здароўе чалавека, распрацоўвае меры для захавання яго здароўя.

псіхаідэало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць псіхічных і ідэалагічных рыс (погляды, ідэі і пад.), якія характарызуюць чалавека, грамадства, клас. Псіхаідэалогія мяшчанства.