прэмія́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прэміі. Прэміяльная сістэма заахвочвання. Прэміяльны фонд. // Які з’яўляецца прэміяй. Прэміяльныя грошы. □ З дому выйшаў дзед Аўсей З прэміяльным патэфонам. Калачынскі. // у знач. наз. прэмія́льныя, ‑ых. Грошы, якія выплачваюцца ў якасці прэміі. Бухгалтэрыя калгаса імя Дзяржынскага выдала Гецольдам адных прэміяльных трыццаць тысяч рублёў і дзвесце кілаграмаў цукру! Карпюк.
прэнт, ‑а, М ‑нце, м.
Металічны прут. [Брамка] была з тоўстых жалезных прэнтаў, а клямка — медная. Карпюк. [Матросы] зачапілі за краты, але ледзь клетка кранулася — некалькі прэнтаў выламалася. Маўр.
прэ́нцік, ‑а, м.
Памянш. да прэнт; маленькі прэнт. Майстар зноў палез у кішэню і выняў адтуль маленькі жалезны круглячок таўшчынёю з яго мезены палец і сантыметраў чатыры ў даўжыню. — Вось табе звычайны прэнцік... А з яго, мяркуем, трэба нам зрабіць утулку. Кулакоўскі.
прэпазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў прэпазіцыі. Прэпазіцыйныя азначэнні. Прэпазіцыйныя часціцы.
прэпазі́цыя, ‑і, ж.
Становішча слова або сказа перад іншым словам або сказам, звязаным з ім.
[Ад лац. praepositio — пастаноўка ўперадзе.]
прэпарава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прэпараваць.
прэпарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прэпараваць.
прэпарава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да прэпараваць.
прэпарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
1. Вырабіць (вырабляць) прэпарат з чаго‑н. для даследавання, вывучэння. Прэпараваць птушку.
2. перан. Падрыхтаваць (падрыхтоўваць) што‑н. для якой‑н. мэты, апрацаваць (апрацоўваць) што‑н. пэўным чынам. Прэпараваць аўтарскі тэкст.
прэпара́т, ‑а, М ‑раце, м.
1. Частка жывёльнага або расліннага арганізма, прыгатаваная для даследавання, вывучэння і пад. Анатамічны прэпарат. Прэпарат з лягушкі.
2. Рэчыва, падрыхтаванае для хімічнага даследавання. Радыеактыўныя прэпараты.
3. Хімічны або фармацэўтычны прадукт лабараторнага або фабрычнага вырабу. Вітамінныя прэпараты. Медыцынскі прэпарат.
[Ад лац. praeparatus — прыгатаваны.]