Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прэм’е́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прэм’еры, з’яўляецца прэм’ерай. Прэм’ерны спектакль.

прэм’е́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прэм’ера.

прэм’е́р-міні́стр, ‑а, м.

У некаторых дзяржавах — старшыня ўрада, старшыня савета міністраў або кабінета міністраў.

прэмірава́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прэміяльны. Прэміравальны фонд. Прэміравальныя грошы.

прэмірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прэміраваць.

прэмірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прэміраваць.

прэмірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да прэміраваць.

прэмірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Узнагародзіць (узнагароджваць) прэміяй. — Прыёмнік трэба. Такога бацьку, — .. [Аржанец] усміхнуўся, гледзячы на старога, — трэба прэміраваць самым найлепшым. Брыль. Праўленне калгаса, праводзячы Захарку на пенсію, прэміравала свайго ветэрана стрэльбай. Сіняўскі. // Адзначыць прэміяй адмысловыя якасці каго‑, чаго‑н. Прэміраваць пародзістую сабаку. Прэміраваць песню.

прэміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Разм. Прэмія, прэміравальныя грошы, рэчы і пад. — Ведаем, хоча ў стаханаўкі папасці і ўсю прэміроўку сабе забраць, — пажартавала Антаніна. Васілевіч.

прэ́мія, ‑і, ж.

1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.

2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.

3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.

•••

Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.

[Ад лац. praemium — узнагарода.]