прышчава́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць прышчаватага. Прышчаватасць скуры.
прышчава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Пакрыты прышчамі, з прышчамі. Прышчаваты твар. □ Да іх адвярнуўся злосны твар прышчаватага рэгістратара. Бядуля. З хаты выйшла прышчаватая дзяўчына — нейкая Нохімава, казалі, сваячка. Мележ.
прышчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., каго-што.
Заціснуць, зашчаміць паміж кім‑, чым‑н. Немачка здзіўлена прышчаміла зубамі румяную ніжнюю губку і змоўкла. Брыль. Зноў сунуў руку пад вечка, ды якраз у гэты момант жанчына села на кашолку і балюча прышчаміла Сцёпку руку. Хомчанка.
•••
Прышчаміць хвост каму — паставіць каго‑н. у цяжкае, безвыходнае становішча.
прышчамля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да прышчамляць.
прышчамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прышчаміць.
прышчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.
1. Зрасціся з другой раслінай (пра чаранок, вочка).
2. Выклікаць у арганізме патрэбную рэакцыю ў выніку прышчэпкі (пра вакцыну). Воспа прышчапілася.
3. перан. Замацавацца, укараніцца, прыжыцца. У нас да газетнай і кніжнай мовы прышчапілася слова «адбіць». Чорны. Цяжкая спадчына ад праклятай мінуўшчыны прышчапілася чалавеку. Кудраўцаў.
прышчапі́ць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.
2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.
3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.
прышчапі́ць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.
2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.
прышчапля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прышчапіцца.
2. Зал. да прышчапляць 1.