Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прычында́лле, ‑я, н., зб.

Разм. Прычындалы. [Карней] схадзіў да свайго брата, узяў у яго ўсё паляўнічае прычындалле, сам сабраўся і Ключавому дапамог. М. Ткачоў.

прычында́лы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Жартаўлівая назва розных прылад, рэчаў аднаго якога‑н. прызначэння. Вінцук выкурыў люльку, выбіў попел, прачысціў дроцікам цыбук і схаваў свае курэцкія прычындалы ў кішэню. Чарнышэвіч. Надзейка адбірала ў .. [бацькі] скавараду і ўсе іншыя прычындалы .. і пачынала сама гаспадарыць. Лынькоў.

прычыне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычыняць ​1 — прычыніць ​1 і прычыняцца ​1 — прычыніцца ​1.

прычы́нены ​1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць ​1.

прычы́нены ​2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прычыніць ​2.

прычыні́цца ​1, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.

1. да чаго. Паслужыць, стаць прычынай чаго‑н.; пасадзейнічаць чаму‑н. Думка.. [Рыгора] гэтакая, што гэта Мікалай прычыніўся да развалу яго сям’і. Чорны. Самаадданая праца Сапунова шмат у чым прычынілася да развіцця на Віцебшчыне ў першыя ж гады пасля рэвалюцыі шырокай сеткі краязнаўства, радзімазнаўства, светазнаўства. Ліс.

2. да чаго. Стаць саўдзельнікам якой‑н. справы, прыняць удзел у чым‑н. Сярод людзей, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларуса перад усім светам, адно з пачэсных месц належыць Міхалу Федароўскаму. Саламевіч. У галіне музычнай культуры да збліжэння польскага і рускага народаў у значнай меры прычыніліся Глінка, Даргамыжскі, Сяроў і Кюі — з рускага боку, з польскага — у першую чаргу трэба назваць Станіслава Манюшку. Шырма. // Далучыцца да чаго‑н., пачаць прымаць удзел у чым‑н. Лагодна пасмейваючыся, да размовы прычыніўся Канстанцін Міхайлавіч: — Куды нам, Янка, цягацца з імі. Лужанін.

3. Здарыцца, адбыцца. Прычынілася бяда.

прычыні́цца ​2, ‑чыніцца; зак.

Зачыніцца няпоўнасцю, няшчыльна. Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыхнула прахалодай. Брыль.

прычыні́ць ​1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.

прычыні́ць ​2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.

прычы́ннасць, ‑і, ж.

1. Удзел у чым‑н., дачыненне да чаго‑н. Абгрунтаванне думкі аб прычыннасці «Новай зямлі» да генезісу беларускага рамана атрымалася неглыбокім і скамечаныя. «Полымя».

2. У філасофіі — форма сувязі і ўзаемадзеяння з’яў аб’ектыўнага свету, якая выяўляе неабходную абумоўленасць адной з’явы другой.

прычы́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да чаго‑н., прымае або прымаў удзел у чым‑н. — Усе гады рабіў. Колькі фермаў пастаўлена, колькі чаго [набудавана] ў калгасе, го і мае рукі да [гэтага] прычынныя. Палтаран.

2. У філасофіі — які ўказвае на адносіны паміж прычынай і вынікам, заснаваны на ўзаемадзеянні прычыны і выніку ў аб’ектыўным свеце. Прычынная сувязь з’яў.

3. У граматыцы — які ўказвае на прычыну, мае значэнне прычыны. Прычынны злучнік.

прычыня́цца ​1, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прычыніцца ​1.

прычыня́цца ​2, ‑яецца.

Незак. да прычыніцца ​2.

прычыня́ць ​1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прычыніць ​1.

прычыня́ць ​2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прычыніць ​2.