прычыта́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычытаць.
2. Словы, якія прыгаворваюцца ў час плачу. Чую прычытанне, Чую плач я нечы. Колас. [Маці] адразу спыніла прычытанні і стала ціха плакаць. Кулакоўскі.
прычыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Плакаць, прыгаворваючы словы жальбы. Плакаў хлопчык, і ліліся Градам слёзы на пясок. Плача, бедны, прычытае, Вуха к долу прыхіне, Ды маўчыць зямля сырая. Колас. Захінаючыся ражком хусткі, жанчына ўсё войкала і прычытала, а Сотнікаў сядзеў на ўслоне і пільнаваў, каб яна не вырвалася на двор — не нарабіла крыку. Быкаў.
прычы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і прычытаць.
прычы́ты, ‑аў; адз. няма.
Тое, што і прычытанне (у 2 знач.). Словы мае тануць і нікнуць у гуле чалавечага натоўпу, у галашэнні і прычытах. Сабаленка.
прычэ́п, ‑а, м.
Павозка, якая прычэпліваецца да самаходнага транспарту (трактара, грузавіка і пад.). За.. [трактарам] стаяў вялікі прычэп, на якім ляжалі дзесяткі тры ручных грабель, вілы. Хадкевіч. На гару, відаць, цяжка было ўзбірацца леспрамгасаўскім машынам з прычэпамі. Пташнікаў. За кожным камбайнам замацавана па два трактары з прычэпамі. «Звязда».
прычэ́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Абл. Пра таго, хто звычайна чапляецца, прыдзіраецца; прыдзіра. — Шыба выбіта!.. — заўважыў ён у 23 кватэры. — Запішыце — шыба. — Таварыш Зуб! — з папрокам, з просьбай.. адгукаўся Арцём Іванавіч. Але прычэпа, фармаліст Зуб быў непадступны. Мележ.
прычэ́пісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Схільны чапляцца, прыдзірацца да каго‑, чаго‑н.; прыдзірлівы; назойлівы. Падаючы.. [нататку] прычэпістай Зосі, .. [Сымон] сказаў крыху вінаватым голасам: — Ведаеш, Зося! Хацеў напісаць як мага карацей, але нічога не выходзіць. Дубоўка.
прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.
3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.
4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.
прычэ́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычапіць.
прычэ́пліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычэпліваць — прычапіць.