прыхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Тое, што і прыхіліць. А вуха к зямлі прыхіні Ля кожнай шахцёрскай сядзібы — Пачуеш, Як у глыбіні Іх рукі варочаюць глыбы. Аўрамчык. Апошняе, што памятаў Віця, гэта, як бацька прыхінуў яго да сябе і яны разам асунуліся ў снег... Нядзведскі.
2. Разм. Прыкрыць, прыхаваць, засланіць чым‑н. Прыхінуць ложак коўдрай. □ Вайцех трымаўся ўзлесся, дзе яго ў любы час мог прыхінуць ельнік. Пташнікаў.
прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.
2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.
3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.
4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.
5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.
прыхлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што і без дап.
Разм. Апавядаючы пра што‑н., дадаць хлусні, выдумкі; прылгаць. Пра акунёў .. [Васіль], вядома, крыху прыхлусіў — не такія ўжо яны там і вялікія. Якімовіч. Адны ўмеюць складна расказаць пра перажытае, ёсць здатныя прыхлусіць, ды так, што самі вераць у тое, чаго ніколі не было. Грахоўскі.
прыхлу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыхлусіць.
прыхлы́нуць, ‑не; зак.
Раптоўна, імкліва прыцячы, прыліць. У Віктара прыхлынула да вушэй кроў, стала горача. Лобан. // перан. Раптоўна ахапіць, напоўніць каго‑н. (пра пачуцці). Мне нават сорамна стала перад другімі: чаму іменна мой партрэт наклеілі тут? Хіба я ўжо такі адметны ад усіх? Але ў той жа час і нейкі ціхі гонар прыхлынуў да сэрца. Сабаленка.
прыхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Дзеянне паводле дзеясл. прыходзіць — прыйсці (у 1–4 знач.).
прыхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Паступленне грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якое адзначаецца ў бухгалтарскіх кнігах. Прыход перавышае расход. // Графа бухгалтарскай кнігі, у якой запісваецца паступленне грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей.
прыхо́д 3, ‑а, М ‑дзе, м.
Ніжэйшая царкоўная арганізацыя ў хрысціянскай царкве; мясцовасць, дзе жывуць члены гэтай арганізацыі. Царкоўны прыход. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.
прыхо́давацца, ‑дуецца; незак.
Зал. да прыходаваць.
прыхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што.
Запісваць у прыход 2. Прыходаваць грошы. Прыходаваць купленыя кнігі.
прыхо́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Незак. да прыйсціся.
2. каму. Даводзіцца каму‑н. кім‑н. Першы загаварыў Драчун, якому Бутрым прыходзіўся блізкім сваяком. Чарот. Я адкрыта цалаваў сястрычку Юнону, бо бацькі нашы прыходзіліся далёкімі сваякамі... Мыслівец.
3. што на што (з адмоўем). Супадаць, быць падобным на што‑н. (пра ідэнтычныя з’явы). Год на год не прыходзіцца. Зіма на зіму не прыходзіцца.
•••
Крута прыходзіцца — пра цяжкія абставіны, у якіх хто‑н. знаходзіцца.
прыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да прыйсці.