прыхі́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыхіліць.
прыхі́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыхільнага. Прыхільнасць адносін.
2. Прыхільныя, добразычлівыя, спагадлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; сімпатыя. Загарэлы абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. Дзед Юрка дзядзьку паважае І да яго прыхільнасць мае. Колас.
3. Схільнасць да якога‑н. занятку, да якіх‑н. спраў, учынкаў. — Тут кажуць, што ты маеш вялікую прыхільнасць да радыё, — усміхнуўшыся, сказаў Радзюку Паходня. Хадкевіч.
прыхі́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто прытрымліваецца якіх‑н. поглядаў, ідэй; прыхільна адносіцца да каго‑, чаго‑н.; паслядоўнік. Кангрэс прыхільнікаў міру. Прыхільнікі рамантызму ў мастацтве. □ Іван Дамінікавіч спакваля, ціха адказаў: — Я лепш пераеду вось у гэты дом, — і ён паказаў на прыгожы ансамбль сяміпавярховых будынкаў. — Тут і ванна будзе, і ліфт, і гарачая вада. Адным словам, я не прыхільнік індывідуальнай хутарской гаспадаркі. Хведаровіч.
2. Той, хто выказвае сімпатыі, прыхільнасць да каго‑н.; паклоннік. Насустрач Мечык. Вася Мечык — Яе [Аксаны] прыхільнік, лепшы друг. Гатовы да любых паслуг. Бачыла.
прыхі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Свае ўласцівасці ўсе людзі маюць. Адны — рыбалку паважаюць.. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім — падабаецца спяваць. Трапляюцца й прыхільныя да пляшкі... Корбан.
2. Які выказвае сімпатыі, спагаду да каго‑, чаго‑н., спачувае каму‑н.; добразычлівы. Яму яшчэ не даводзілася мець такіх прыхільных і шчыра зацікаўленых слухачоў. Машара. // Які выяўляе адабрэнне, спагаду, спачуванне. [Вера Андрэеўна] прашапацела каля Рыгора шаўковым халатам, кінула на госця прыхільны позірк. Арабей. — Блудны сын, блудны сын! — [бацькавы рукі] сціснулі Стасеву постаць у прыхільным моцным абдымку. Мікуліч.
3. Які выказвае адабрэнне; станоўчы.
прыхіля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прыхіліцца.
2. Зал. да прыхіляць.
прыхіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прыхіліць.
прыхіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыхінуцца.
2. Зал. да прыхінаць.
прыхіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыхінуць.
прыхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Тое, што і прыхіліцца. Ад нечаканасці і страху Вера войкнула, міжвольна прыхінулася да Анісіма. Сачанка. [Юстынь Сташэвіч] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Віктар адразу прыхінуўся да Зеленюка з шчырай дзяцінай адданасцю. Зарэцкі.
2. Разм. Прыкрыцца, засланіцца чым‑н.