пры́хвасцень, ‑сня, м.
Разм. пагард. Той, хто ліслівасцю, услужлівасцю хоча заваяваць чыю‑н. прыхільнасць; падхалім, угоднік. Фашысцкія прыхвасні. □ — Вы, таварышы, едзеце на хлебанарыхтоўкі. Гэта ўсё роўна, што вы едзеце на фронт. Дык будзьце ж там пільнымі, змабілізаванымі, каб кулакі і іх прыхвасні не ашукалі вас. Сабаленка. Зацвярджаўся нейкі панскі прыхвасцень грамадскім солтысам або яшчэ якой шышкай,.. — таксама склікалі людзей на сход. Машара.
прыхва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыхваціць.
пры́хваткам, прысл.
Тое, што і прыхваткамі. Часта і многа — апавяданне ці пару раздзелаў рамана — прачытваў прыхваткам у дарозе. Брыль. Відаць, усё гэта рабілася прыхваткам, але шчыра, ад душы. Бажко.
пры́хваткамі, прысл.
У перапынках паміж іншымі справамі і заняткамі; нерэгулярна, урыўкамі. Паэма пісалася прыхваткамі, аўтара часта адрывалі грамадскія абавязкі, нямала часу забіралі палітычныя злабадзённыя вершы і публіцыстычныя артыкулы. У. Калеснік. — Дык калі ж я табе шалік зраблю? Толькі прыхваткамі і раблю... Васілевіч. Раней не даводзілася, каб па-людску сеў ды пад’еў, а ўсё прыхваткамі, на хаду. Чарнышэвіч.
прыхваці́ць, ‑хвачу, ‑хваціш, ‑хваціць; зак., каго-што.
Тое, што і прыхапіць. Пад снегам адпрэла Жытцо за зіму; Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала. — Я прыхвачу сваё піяніна, — летуценна сказала Ірына, — або на першы выпадак вазьму акардэон. Сапрыка.
прыхво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прыхварэць.
2. Час ад часу хварэць, недамагаць. У апошні час .. [бацька] пачаў прыхворваць. С. Александровіч.
прыхі́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыхіліць.
прыхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца трохі ўніз, да зямлі. Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася. Купала.
2. Шчыльна наблізіцца да чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца. Лынькоў. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.
3. Прытуліцца, прыпасці да каго‑н. Але хлопчык і не варухнуўся, глянуў спадылба на Косцю, прыхіліўся бліжэй да Ірыны. Арабей. Тады Стася зусім блізка прыхілілася да .. [бацькі] і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала: — А як з мамкай? Зарэцкі. // перан. Знайсці спагаду, спачуванне ў каго‑н.; адчуць прыхільнасць да каго‑н. — Людзі нашы нядрэнныя. Вядома, цёмныя мы, прыхіліцца не да каго, — Алесь зразумеў, што .. [Марыніч] кажа Калачыкавы словы. Чарнышэвіч. Няма да каго прыхіліцца, няма каму пра сваё гора расказаць. Якімовіч. Ранняй часінай к табе я лячу, Позняй парою, Толькі к табе прыхіліцца хачу Сэрцам, душою. Русак.
прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.
1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.
2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.
3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.
прыхі́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыхіліцца.
2. Зал. да прыхільваць.