Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыту́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прытуліць.

прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.

1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.

2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.

3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.

прытулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.

1. Прыгарнуць, прыхіліць да сябе з ласкай, пяшчотай. Маёр пасадзіў большых дзяцей насупраць жанчын, а маленькую дзяўчынку прытуліў да грудзей, няўмела гушкаючы на руках. Даніленка. Грушка развітаўся з Тамараю на вакзале, прытуліў яе апошні раз. Яна сказала: — Пішы... Пестрак. Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Гартны. // Шчыльна прыціснуць, прыперці да каго‑, чаго‑н. Зазваніў тэлефон. Кавалёў зняў трубку і прытуліў яе да вуха. Чарнышэвіч. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала: — Ці сходу не было ў вас? Галавач.

2. Даць прыстанішча, прытулак. Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Кулакоўскі. Старажытны Томск прытуліў нас, бежанцаў вайны з Беларусі. Рамановіч. // перан. Узяць каго‑н. пад сваю апеку; прыгрэць. Сваіх дзяцей у Зосі не было, яна прытуліла дзесяцігадовага пляменніка Алёшу. Хадкевіч. Артылерысты прытулілі .. [Лёньку Лазарчыка] як сірату-бежанца. Грамовіч.

•••

Прытуліць галаву — знайсці прыстанішча дзе‑н.

прыту́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прытуліцца.

2. Зал. да прытульваць.

прыту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прытуліць.

прыту́льна,

1. Прысл. да прытульны.

2. безас. у знач. вык. Утульна, прыемна. У хаце каля акна было прытульна, ціха і весела. Чорны. Каля роднай мамкі Селі мы ў радок. Нам прытульна, добра, Цёплы наш куток. Журба.

прыту́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прытульнага. Тут толькі Ігнась заўважыў усю прытульнасць пакоя. Мурашка.

прыту́льны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца добрым прытулкам; утульны. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся. Маўр. Дарога пайшла з грывы ўніз, бліжэй да Дняпра, і тут вачам адкрылася прытульная і даволі вялікая лагчына. Караткевіч.

прытуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прытуліцца.

прытуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прытуліць.