прыту́швацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прытушыцца.
2. Зал. да прытушваць.
прытушы́цца, ‑тушыцца; зак.
1. Стаць менш яркім; зацямніцца. Вербы крыху памутнелі, прытушыліся змрокам. Глуха і цяжка ўздыхае Дняпро. Ракітны. [Іван] з задавальненнем падумаў, што пад дажджом прытушыцца, пацямнее яго паласатая, бачная здалёк стракатасць. Быкаў.
2. перан. Аслабіцца, стрымацца (пра пачуцці). Прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука. Быкаў.
прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.
1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.
2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.
3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.
пры́тча, ‑ы, ж.
Кніжн. Іншасказальнае апавяданне з павучальным вывадам. Прытча пра блуднага сына. □ [У прамове] былі і цытаты з бібліі, і цэлы псалом, і дарэчы прыведзеная прытча. Лынькоў. // Іншасказальны выраз. [Ярошка:] — Кіньце гаварыць прытчамі, не люблю алегорый, эзопавай мовы. Дамашэвіч.
прыты́ка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Абл. Выструганая жэрдка, якая ўтыкаецца ў дно вадаёма для замацавання на ёй сеткі, нерата і пад. «Няўжо і цяпер хто ловіць рыбу?» — падумаў Крамнёў і крануў вяслом адну з прытык. Шашкоў.
прытыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыткнуцца.
2. Зал. да прытыкаць 1.
прытыка́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыткнуць.
прытыка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыткаць.
прыты́м, злучнік далучальны (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі і, ды, а).
Да таго ж, акрамя таго. Так у Малінаўцы з’явіўся новы гаспадар, і прытым не абы-які. Чарнышэвіч. [Валодзя:] — Ведаць .. [Кастуся] я ведаю, але думаю, што вопыту ў яго мала. [Максім:] — У Андрэя вопыту не больш, прытым і характарам ён мяккаваты. Машара. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
прытэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Прыйсці, прытупаць. Аднаго разу жонка Браніслава з кошыкам прытэпала да Марціна прасіць дапамогі. Карпюк. Неўзабаве на кухні сабралася ўся сям’я. Нават маленькая Люся прытэпала. Шыловіч.
прытэра́сны, ‑ая, ‑ае.
Размешчаны каля горнай тэрасы. У поймах рэк, у іх прытэраснай забалочанай частцы, растуць натуральныя лясы з чорнай алешыны. Гавеман.