прыту́плены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытупіць.
2. у знач. прым. Які страціў сваю вастрыню, сілу; паслабелы. У майстэрні цемнавата, а зрок у Абрама ўжо быў прытуплены. Пестрак.
прытупля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прытупіцца.
2. Зал. да прытупляць.
прытупля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прытупіць.
прыту́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Стукнуць, ударыць нагой аб падлогу, зямлю. Мірон Якімавіч прытупнуў пару разоў, абтрасаючы валёнкі. Хадкевіч. Духавы аркестр урэзаў «Кракавяка», і Тхорык з імпэтам узмахнуў вольна рукою, прытупнуў ботамі. Кулакоўскі. // Станцаваць. Здаецца, паехаў бы дадому ды так прытупнуў на чыім-небудзь вяселлі, каб аж падэшвы ў ботах паадставалі. Дайліда. // Тупнуць нагой, выказваючы свой гнеў, абурэнне. — Няпраўда. Н-няпраўда! — аж прытупнула нагой дзяўчынка. Савіцкі. Дырэктар быў не такі. Ён і накрычыць, калі трэба, і нагой прытупне. Але варта таму ж Апанасу ці каму-небудзь іншаму папасціся яму на вочы праз некалькі хвілін, як ён на ўсё забываў. Нядзведскі.
прытуры́ць, ‑туру, ‑турыш, ‑турыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Прыгнаць. [Цётка Луцэя] мне і расказвае, што дзяўчынкі Ніна з Валькай напужаліся, былі і кароў назад у вёску прытурылі. Масарэнка.
2. Прынесці, прывалачы.
прытуха́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прытухаць 1 — прытухнуць 1.
прытуха́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прытухаць 2 — прытухнуць 2.
прыту́хлы 1, ‑ая, ‑ае.
Які зменшыўся, збавіў сваю сілу (пра агонь, святло і пад.). Спяць мае сябры ў ватоўках Ля прытухлага кастра. Матэвушаў.
прыту́хлы 2, ‑ая, ‑ае.
Які пачаў тухнуць, псавацца; нясвежы. Пахла кволай веснавой зелянінай і леташнім прытухлым мурагом. Лобан. Вады ў .. [цэбры] было да краёў, вада была дажджавая, прытухлая. Чорны.
прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.
1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.
2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.
3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.
прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.
Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.
прыту́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытушыць.
2. у знач. прым. Няяркі, прыглушаны (пра колер, фарбу, гукі і пад.). Ці не ўспыхвалі ў зрокавай памяці .. [Шчакаціхіна] крыху прытушаныя барвы і ўзоры беларускіх народных майстроў і мастакоў сённяшніх і будучых. Ліс. Былі .. [галасы] не моцныя, яшчэ прытушаныя, але людзі не саромеліся гаварыць. Кудравец.