прысві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да прысвістваць.
пры́свіст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Гук свісту, які суправаджае асноўны гук або наогул якое‑н. дзеянне. За сценкай па-ранейшаму чуўся храп з прысвістам, прыглушанае мармытанне. Даніленка. [Юлій] прыкметна пастарэў, кашляе глуха, з прысвістам. Жычка. Над дубамі нізка праляцеў бусел, напружана, з прысвістам, махаючы крыламі. Дуброўскі.
2. Свіст, які суправаджае спевы, танцы і пад. Самы спрытны і фарсісты [хлопец] Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.
прысві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Суправаджаць свістам спевы, танцы; пасвістваць (у такт чаму‑н.). Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Колас.
2. Пасвістваць, свістаць. Аслабелы Шнураў, седзячы на канапе, захроп, прысвістваючы. Гурскі. Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У полі моцна прысвістваў сыраваты вецер, балюча секлі твар сняжынкі. Мыслівец.
3. Гаварыць з прысвістам.
прысво́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прысвоіць.
прысво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. чужое сваёй уласнасцю. Кожны тыдзень, а то і два разы на тыдні Арцём вазіў дровы ў Глыбокае, і ўсё ішло добра. Ён быў вельмі сумленны хлопец і ні разу не прысвоіў сабе гроша. Машара. — [Еўдакія] хітрая, можа забраць, прысвоіць, а надзець, так хутка не надзене. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Іван], прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Навуменка. // Выдаць за сваё, прыпісаць сабе што‑н. — Змог жа Марконі прысвоіць вынаходства Нанова і пажыць мільёны. Зуб.
2. Надзяліць чым‑н., даць што‑н. (званне, імя, чын і пад.). Прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Неўзабаве [Лескаўцу] прысвоілі званне старшага лейтэнанта. Шамякін.
прысво́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысвойваць — прысвоіць.
прысво́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысвойваць.
прысво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысвоіць.
пры́святак, ‑тка, м.
Разм.
1. Невялікае свята. У вёсцы гэты дзень [1 верасня] стаўся прысвяткам, бо маткі і бацькі таксама неяк удзельнічалі ў ім. Дубоўка. Кожны прысвятак ці свята У Сцяпана поўна хата — Сват і кум і так знаёмы Чуюць тут сябе, як дома. Крапіва. Якраз прысвятак надарыўся, што з коньмі людзі не рабілі. Калюга.
2. Перадсвяточны дзень. І гэты прысвятак прад самым святам — Падмесці сцежкі і пяском прысыпаць жоўтым. Семашкевіч.
прысвяці́ць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. □ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.
2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. □ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.