прысвяча́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да прысвячаць.
прысвяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прысвяціць.
прысвячэ́нне, ‑я, н.
Надпіс, уступная частка твора, дзе паказваецца, каму аўтар прысвячае гэты твор. «Катэхізіс» мае прадмову — прысвячэнне кнігі князям Радзівілам, пад апекай якіх працаваў Будны. Шакун. — Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне. Колас.
прысе́ст, ‑у, М ‑сце, м.
У выразе: за адзін прысест — за адзін раз, адразу, за адзін прыём. Галоўны бухгалтар, між іншым, славіўся тым, што мог выпіць за адзін прысест цэлы тузін шклянак чаю. Васілевіч.
прысе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.
1. Сагнуўшы калені, апусціцца. Воддаль прайшоў паўз бераг рудавалосы высокі хлопец, і дзяўчаты прыселі ў вадзе. Ваданосаў. Ткнуўшы ў зубы папяроску, ён, шукаючы кагосьці, паглядзеў вакол, прысеў на кукішкі і пацягнуўся ў агонь. Ракітны. Параход так раўнуў, што Сашка ад неспадзеўкі аж прысеў. Даніленка.
2. Тое, што і сесці (у 1 знач.); сесці на нядоўгі час. Стафанковіч.. раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў і зноў устаў. Чорны. Можа першы раз за дзень і прысела Ульяна: яна і абедала звычайна, стоячы ля прыпечка. Гаўрылкін.
прысе́ў, ‑севу, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысяваць — прысеяць.
прысе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што, чаго і без дап.
Пасеяць у дадатак да ўжо пасеянага. Прысеяць яшчэ грэчкі. □ — Сеяў я, вунь колькі працы ўклаў. Гектары з чатыры жыта на полі стаіць. А што за жыта — каласок у каласок! .. Ну, там і ў лесе прысеяў... Сіўцоў. // Разм. Засеяць. Сяргей з дня ў дзень хадзіў на працадні, «соткі» прысеяў — трохі абжыліся. Кухараў.
прысёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм. Піць невялікімі глыткамі, з лёгкім шумам. Ён прысёрбваў са сподачка чай, а ўсе прыгнечана маўчалі. Дуброўскі.
прысі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго і без дап.
Разм. Прымусіць зрабіць што‑н.