Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прысла́ны ​1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць ​1.

прысла́ны ​2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыслаць ​2.

прысланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да прысланіцца.

2. Зал. да прысланяць.

прысланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прысланіць.

прысла́ць ​1, прышлю, прышлеш, прышле; прышлём, прышляце; зак., каго-што.

1. Даставіць што‑н. поштай або праз каго‑н. Поштай маці мне прыслала ў інтэрнат пасылку. Лойка. [Цыпрук:] — Прышлю табе праз унука старыя граблі. Бядуля. З другім пісьмом Надзя прыслала Салаўёву фотакартку. Шахавец.

2. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. Сяльчонак абяцаў прыслаць машыну, адвезці Льва Раманавіча ў горад на аэрадром. Асіпенка. Такое не здаралася, відаць, як свет светам: да мужыцкага сына прыслалі сваццю з панскага двара. Брыль.

прысла́ць ​2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; зак., што.

Трохі, няпоўнасцю заслаць, прыкрыць зверху. Сяк-так давалок [мяшок збожжа]. На палаткі ўсцягнуў. Сенам прыслаў. Сачанка.

прыслепава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падслепаваты. На гэты момант пад стол трапіў і наш прыслепаваты стары кот. Сабаленка. Вокны ў .. [хатцы] таксама былі маленькія, прыслепаватыя, і шыба ў адным з іх заткнёна анучаю. Мурашка.

прысло́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысланіць.

прысло́ўе ​1, ‑я, н.

Нязменная часціна мовы, якая абазначае прымету дзеяння, стану і якасці, напрыклад: хутка, лёгка, высока.

прысло́ўе ​2, ‑я, н.

Прыгаворка, выраз і пад., якія ўстаўляюцца ў мову для большай эфектнасці або па прывычцы. Плач яе быў ціхі, з прыслоўямі, кабечы. Чорны. «Люба-дорага» было любімае прыслоўе старшыні. Даніленка. // Тое, што гаворыцца для суправаджэння якіх‑н. дзеянняў. Духаў закліналі пэўнымі традыцыйнымі прыслоўямі. Лойка.

прысло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім складзе прыслоўе ​1. Прыслоўныя злучэнні. Прыслоўны фразеалагізм.

прыслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.

1. Служанка, хатняя работніца. [Эрне] ўсё роўна: сталасць прыйшла без мінулага, а цяперашняе — без ніякай будучыні, і ёй што — так ужо і жыць прыслугай. Ракітны.

2. зб. Слугі. У генерала было некалькі чалавек прыслугі. Карпюк.

3. зб. Работнікі, якія абслугоўваюць чыгуначны састаў, параход, самалёт і пад. На самалёце не было прыслугі і не было нават радыёстанцыі: пасажырам гарантаваўся бяспечны пералёт. Шамякін.

4. зб. Каманда, якая абслугоўвае гармату, мінамёт. Чахол са ствала зняты. Прыслуга стаяла на сваіх месцах, іменна так, як належала па статуту. Нават Макоўчык быў гатовы: прыгнуўшы галаву, трымаў у .. руках працягнуты да зараджаючага снарад. Мележ.

прыслуга́ч, ‑а, м.

Разм. пагард. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н. Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся і, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў: — Не ўздумайце марудзіць! Шамякін. Пры з’яўленні .. [паліцаяў] гул заціхаў, людзі скоса і непрыязна пазіралі на бязлітасных гітлераўскіх прыслугачоў. Няхай.