Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыслуго́ўванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслугоўваць і прыслугоўвацца.

прыслуго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Тое, што і прыслужвацца.

прыслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і прыслужваць. — [Гэлька] крыху прыслугоўвала ў пана Панятоўскага. Чарот. Казімір Ліпніцкі аднаго разу.. прыслугоўваў у касцёле. Сташэўскі.

прыслу́жванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыслужваць — прыслужыць і прыслужвацца — прыслужыцца.

прыслу́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н., дамагаючыся прыхільнасці з карыслівай мэтай. Прыслужвацца перад начальствам. □ — Прывет, начальнік! (Так маўляў, і так...) Казалі мне, ёсць у цябе вакантная пасада — Прыслужвацца я не мастак, А ў працы ведаю і толк і смак! Валасевіч.

прыслу́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць абавязкі слугі, служанкі. Прыслужвае маўклівая, з маршчыністым тварам кабеціна. Навуменка. — Прыслужвала за сталом твая прабабка. Бегала ад печы да поку[ці], насіла смажаныя качкі, падавала ручнікі. Асіпенка.

2. Разм. Рабіць паслугі, дагаджаць каму‑н. Прыслужваць даме. □ Мальвіна прыслужвала Ціхану ўвесь вечар, клала кампрэсы, прыносіла есці, раскурвала яму папяросу. Дуброўскі.

прыслу́жнік, ‑а, м.

1. Той, хто прыслужвае; слуга, служыцель. — Як далажыць аб вас .. рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд. Колас. Усё гэта убранства пільнаваў касцельны прыслужнік без шапкі, з цёмнымі кругамі пад вачыма. Пестрак.

2. Разм. неадабр. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н.; прыхільнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Царскія прыслужнікі. Фашысцкія прыслужнікі. □ Ёсць прыслужнікаў нямала, Што за долар прадаюцца І гатовы да паслуг. Броўка.

прыслу́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да прыслужнік.

прыслу́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыслужніка, прыслужніцтва.

прыслу́жніцтва, ‑а, н.

Разм. неадабр. Паводзіны прыслужніка (у 2 знач.).