Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прырэ́йкавы, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца каля лініі чыгункі. Прырэйкавая пляцоўка.

прырэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца каля ракі. Прырэчны луг. Прырэчная сенажаць. □ Голыя галіны прырэчных кустоў хіліліся да вады, гайдаліся на ветры. Арабей.

прырэ́чча, ‑а, н.

Мясцовасць, размешчаная каля ракі, на беразе ракі. Дзьмуў моцны вецер, заносячы густым снегам Дняпро, прырэчча, Чыжыкавы сляды. Лупсякоў. У нагах стома, мокра ў абутку, бо ісці даводзіцца прырэччам, пераступаць колішнія глыбокія каналы, што заплылі тванню, зацвілі. Пташнікаў.

прырэ́чышчавы, ‑ая, ‑ае.

Які размешчаны ўздоўж рэчышча ракі, які прылягае да рэчышча ракі. Прырэчышчавыя поймы.

прыс, ‑а, м.

Абл. Шост для кіравання плытом, чаўном і пад. Адпіхнуўшы ад берага човен І махаючы прысам кляновым, Я плыву. Трус. — Там такая букта, што і прысам дна не дастанеш. Там можа хвоя схавацца. Колас.

прысаба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. груб. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. [Сябрук:] «А вешалку, зірні, якім цвіком Ты да сцяны цудоўнай прысабачыў...» Корбан.

прыса́дачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для прысадкі (у 2 знач.). Прысадачныя матэрыялы.

прыса́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прысадзіць.

прыса́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысаджваць — прысадзіць.

прыса́джвацца ​1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прысесці (у 2 знач.).

прыса́джвацца ​2, ‑аецца; незак.

Зал. да прысаджваць.