Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разваро́чаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Варочаючы, раскідаць, рассунуць у розныя бакі (што‑н. цяжкае або складзенае ў пэўным парадку, у адным месцы). Разварочаць копы. Разварочаць кнігі ў шафе.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Тое, што і развярнуць (у 1, 2 знач.). [У ганку] спачатку была разварочана вежа, а затым разбіта гусеніца. М. Ткачоў. Навокал дома была разварочана зямля.., усё тут было ў пачварнай бясформеннасці. Чорны.

разваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да развярнуцца.

2. Зал. да разварочваць.

разваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развярнуць.

развару́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разварушыць.

развару́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разварушваць — разварушыць.

развару́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разварушыцца.

2. Зал. да разварушваць.

развару́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разварушыць.

разварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Пачаць інтэнсіўна варушыцца. Мурашнік разварушыўся. □ На прагаліне, на краі грудка, .. не было нічога, і раптам за якія два дні зямля разварушылася і на ёй узнік ладны курганок. Сабаленка.

2. Пачаць рухацца; перастаць быць маларухомым, вялым. [Тамаш:] — Прайду трохі — ногі млеюць. Як разварушацца пры рабоце, дык яшчэ нічога, А так, дык хоць і сядзі на адным месцы, як, усё роўна, ланцугом прыкаваны... Чорны. А Соня ўжо разварушылася. Працёршы хустачкай акуляры.., зазваніла талеркай, відэльцамі. Лось. // Выйсці са стану абыякавасці, апатыі, ажывіцца. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. Госці аглядзелі ўсю гаспадарку.. Таварыш Строіш, цаг[ельнік] па прафесіі, асабліва разварушыўся каля цагельнага завода. Брыль.

3. перан. Стаць дзейным, актыўным. [Аляксей:] — Людзі разварушыліся, там-сям пачалі пускаць чырвонага пеўня ў панскія маёнткі. Машара.

разварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. □ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.

4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. □ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.

разва́рыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разварыстага.