разварушыць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.
1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.
2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. ▪ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.
3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.
4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. ▪ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.