разварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Пачаць інтэнсіўна варушыцца. Мурашнік разварушыўся. □ На прагаліне, на краі грудка, .. не было нічога, і раптам за якія два дні зямля разварушылася і на ёй узнік ладны курганок. Сабаленка.

2. Пачаць рухацца; перастаць быць маларухомым, вялым. [Тамаш:] — Прайду трохі — ногі млеюць. Як разварушацца пры рабоце, дык яшчэ нічога, А так, дык хоць і сядзі на адным месцы, як, усё роўна, ланцугом прыкаваны... Чорны. А Соня ўжо разварушылася. Працёршы хустачкай акуляры.., зазваніла талеркай, відэльцамі. Лось. // Выйсці са стану абыякавасці, апатыі, ажывіцца. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. Госці аглядзелі ўсю гаспадарку.. Таварыш Строіш, цаг[ельнік] па прафесіі, асабліва разварушыўся каля цагельнага завода. Брыль.

3. перан. Стаць дзейным, актыўным. [Аляксей:] — Людзі разварушыліся, там-сям пачалі пускаць чырвонага пеўня ў панскія маёнткі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)