прыка́нчвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыкончыцца.
2. Зал. да прыканчваць.
прыка́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыкончыць.
прыкапа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкапаць.
прыкапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Прыкрыць, прысылаць зямлёй. Прыкапаць яблыні. □ Трактар загналі ў гушчар, прыкрыўшы саломай, прыкапалі зямлёй. Шахавец. [Сяргееў:] — Дадому вінтовак не насіце і так скажыце другім. Прыкапалі, запомнілі, у якім месцы, і ўсё. Федасеенка.
2. і чаго. Дакапаць, накапаць у дадатак. Прыкапаць бульбы.
прыкаранёвы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, расце каля кораня. Прыкаранёвае лісце. Прыкаранёвая частка расліны. Прыкаранёвая зона.
пры́караткі, ‑ая, ‑ае.
Абл. Караткаваты. [Лаўрыновіч] быў у тым самым прыкараткім кажушку, што і раней, і ў тых самых сініх галіфэ. Лобан.
прыкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што.
Даць якую‑н. дадатковую ежу, корм; падкарміць. — А ёй [Марылі] там дзецям есці наварыць — невялікая работа. Яшчэ і сваіх дзяцей там лепш прыкорміць. Чорны. // Даючы корм, прыманіць, прынадзіць.
прыкархну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Заснуць на кароткі час; задрамаць. Вялікая слабасць, стома разлівалася па ўсяму целу — от бы сесці пад куст.. прыкархнуць на хваёвым вецці. Лынькоў. [Амеля:] — Пакуль бабы раніцай папрыходзяць лён церці, то прыкархнеш у цяпле гадзіну каторую. Лобан.
прыкарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які прыкарэў, прысох. Прыкарэлыя бінты.
прыкарэ́ць, ‑эе; зак.
Закарэўшы, прыстаць, прысохнуць. Павязка прыкарэла да раны. □ Я раблю намаганне сесці. Недзе на спіне прыкарэла сарочка да свежай раны, коле ў правым баку. С. Александровіч. На ботах ля самых калень разам з пяском прыкарэла жоўтае сасновае шыллё: Вуля нядаўна хадзіў па лесе. Пташнікаў.