прыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкаваць.
прыкава́цца, ‑куецца; зак.
1. Прымацавацца шляхам коўкі.
2. перан. Стаць неадрыўна пакіраваным на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). Позірк .. вачэй [Аляксея] прыкаваўся да маленькай маўклівай дзяўчынкі. Мележ.
прыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Злучыць з чым‑н., прымацаваць да чаго‑н. коўкай або надзеўшы ланцуг. Прыкаваць ложак да падлогі. □ — Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. Якімовіч.
2. перан. Прымусіць каго‑н. застацца ў якім‑н. стане, у якім‑н. месцы. Трэшчына косці прыкавала надоўга дзяўчыну да пасцелі. Васілевіч. «Пабягу назад», — падумаў Віця, але ўпартасць і цікаўнасць прыкавалі яго да месца. Чарнышэвіч. Устаў і Сцяпан, але страх, жывёльны страх, ад якога дрыжалі ўсе мускулы цела, .. зноў прыкаваў яго да зямлі. Дуброўскі.
3. перан. Прымусіць быць пакіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). [Валя] неяк адразу прыкавала да сябе ўвагу, чуць і бачыць яе было вельмі прыемна. Ермаловіч. Зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы .. [Сашын] позірк. Шамякін.
прыка́з, ‑а, м.
Гіст. Установа, якая ведала асобнай галіной кіраўніцтва ў Маскоўскай дзяржаве 16–17 стст. Манастырскі прыказ. Пасольскі прыказ. Памесны прыказ.
прыказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа.
Зак. да прыказваць.
прыка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Казаць у дадатак да чаго‑н.; прыгаворваць. Парагатаў казак, а потым давай бізуном .. [мужыка] хвастаць... Лупіць і прыказвае: — Вось табе за тваю дурноту! Жонка поле арэ, а ты што робіш? Якімовіч. Сама .. [матка] стала галасіць над дзіцем ды прыказваць. Крапіва.
пры́казка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Устойлівае вобразнае выслоўе павучальнага зместу, якое носіць абагульняючы характар. Нічога ў спадчыну не даў мне бацька, Апроч вядомай прыказкі людской: «Менш гавары, а болей слухай, Сёмка». Глебка. «Ліслівае цяля дзве маткі ссе». Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе. Крапіва.
2. Прыгаворка, зачын казкі. Гэта прыказка, а казка наперадзе.
пры́казкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыказкі, з’яўляецца прыказкай. Прыказкавы выраз. Прыказкавая форма. □ На другім месцы па колькасці сабранага прыказкавага матэрыялу стаіць Слонімскі павет. Саламевіч.
прыка́зны, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да прыказа.
прыка́зчык, ‑а, м.
Уст.
1. Наёмны служачы ў купца або ў гандлёвай установе, які выконваў даручэнні гандлёвага характару і па даручэнню гаспадара займаўся гандлем у магазіне; прадавец. [Бацька] наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам пры сплавах. Бядуля. — Хоць пару фунтаў [хлеба], Мікалай Ігнатавіч, — папрасіла .. [Ганна] маладога рухавага прыказчыка. Гартны.
2. Служачы ў маёнтку, які кіраваў гаспадаркай памешчыка і выконваў розныя гаспадарчыя даручэнні.