прыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., прымацаваць да чаго‑н. коўкай або надзеўшы ланцуг. Прыкаваць ложак да падлогі. □ — Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. Якімовіч.

2. перан. Прымусіць каго‑н. застацца ў якім‑н. стане, у якім‑н. месцы. Трэшчына косці прыкавала надоўга дзяўчыну да пасцелі. Васілевіч. «Пабягу назад», — падумаў Віця, але ўпартасць і цікаўнасць прыкавалі яго да месца. Чарнышэвіч. Устаў і Сцяпан, але страх, жывёльны страх, ад якога дрыжалі ўсе мускулы цела, .. зноў прыкаваў яго да зямлі. Дуброўскі.

3. перан. Прымусіць быць пакіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). [Валя] неяк адразу прыкавала да сябе ўвагу, чуць і бачыць яе было вельмі прыемна. Ермаловіч. Зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы .. [Сашын] позірк. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)