Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

прызвыча́іць, ‑чаю, ‑чаіш, ‑чаіць; зак., каго-што.

Прывіць навык да чаго‑н., прывучыць да чаго‑н. Прызвычаіць дзяцей да працы. Прызвычаіць сябе рана ўставаць. □ Я прызвычаіў зрок даўно Да сонца, да штурвала — рукі, А слых і сэрца — да званоў, Набатных несціханых гукаў. Танк.

прызвыча́йвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прызвычаіцца.

2. Зал. да прызвычайваць.

прызвыча́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прызвычаіць.

прызе́містасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыземістага.

прызе́місты, ‑ая, ‑ае.

Нізкі на выгляд; прысадзісты. З двух бакоў разлягаліся лагодныя, светлыя прасторы палёў, пясчаныя ўзгоркі, на якіх асталяваліся .. разложыстыя прыземістыя хвойкі. Колас. [Мужчыны] падышлі да гаража — доўгага прыземістага будынка, разлічанага машын на дзесяць. Хадкевіч. Танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Мележ. // Невысокі, але моцнага целаскладу; каржакаваты (пра чалавека). Наперадзе цвёрдай паходкай з аўтаматам напагатове крочыў прыземісты і плячысты дзяцюк. Няхай.

прызе́мленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыземленага (у 2 знач.).

прызе́млены, ‑ая, ‑ая.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прызямліць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены ўзвышанага, незвычайнага; прыніжаны. Хоць і многа яшчэ ў творы прыземленага бытавізму, але і бытавізм гэты своеасаблівы. Адамовіч. Талент жа маладога паэта быў даволі значны, каб ён не адчуў усёй шкоды прывязанасці да прыземленага быту. Каваленка.

прызе́мны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які непасрэдна прылягае да зямной паверхні. Прыземны слой паветра.

прызёр, ‑а, м.

Удзельнік спаборніцтва, які атрымаў прыз ​1. Прызёр Спартакіяды народаў СССР.