прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)