прызапа́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прызапасіць.
прызапа́швацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прызапашваць.
прызапа́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прызапасіць.
пры́зба, ‑ы, ж.
Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.
прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
прызва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; ‑завёмся, ‑завяцеся; зак.
Разм. Пайсці ў армію па прызыву. І Ігнась падаваўся далей на ўсход, каб усё ж прызвацца ў войска. Гурскі. — А чаму табе, браце, у Мінскім ваенкамаце Не прызвацца было?.. Куляшоў.
прызва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго.
1. Паклікаць або загадаць прыйсці куды‑н.
2. Прыцягнуць для адбывання воінскай павіннасць. З шахты Мікалая прызвалі на службу ў армію. Хадкевіч. Праз гадзіну Міця ведаў усё, што здарылася з Іванам, Нупрэем і другімі дзесяцікласнікамі, якіх тады, у ліпені, прызвалі. Навуменка.
3. Заклікаць да ўдзелу ў якой‑н. важнай справе.
прызвыча́енасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прызвычаенага.
прызвыча́енне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызвычайваць — прызвычаіць і прызвычайвацца — прызвычаіцца.
2. Разм. Прывычка, звычка.
прызвыча́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прызвычаіць.
2. у знач. прым. Які стаў прывычкай; прывычны, звычайны. Прызвычаеным рухам .. [жанчына] зняла хустку з галавы, клапатліва развесіла яе на галінках. Лынькоў.
3. у знач. прым. Які прывык да чаго‑н. Прызвычаенае вока заўважала шмат чаго і ў цемры. Броўка.