Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пратруча́льнік, ‑а, м.

Машына, апарат, прыстасаванне для пратручвання, абеззаражвання насення, пасадачнага матэрыялу.

пратру́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пратруціць.

пратру́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пратручваць — пратруціць.

пратру́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пратручваць.

пратру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пратруціць (у 1–3 знач.).

пратрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Стойка перажыць, перанесці што‑н.; вытрываць. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага, і ён вось пратрываў ужо блізу два гады ў палоне. Брыль.

2. Прадоўжыць сваё дзеянне, не спыняючыся. Халады пратрываюць да красавіка.

3. Захавацца, праіснаваць нейкі час. Тут нават калі зрабіць высокі насып, і то ён доўга не пратрывае, яго зараз жа размые, знясе паводка. Кудравец.

пратры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Трызніць некаторы час. Пратрызніць усю ноч.

пратрыма́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пратрымаць.

пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.

2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.

3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.

4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.

пратрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Патрымаць каго‑, што‑н. (на руках, у зубах, у роце і пад.) некаторы час. Пратрымаць дзіця на руках цэлы вечар.

2. каго-што. Не адпускаць, прымусіць быць, знаходзіцца дзе‑н. некаторы час. А Дануту доўга пратрымалі на Лукішках у турме, думаючы што-небудзь выпытаць. Карпюк. // што. Патрымаць што‑н. у сябе, не аддаваць некаторы час. Летась хлопцы пазычылі ў суседняй вёсцы, у сваяка, тоўсты том Гогаля, пратрымалі яго аж дагэтуль, дый то не хочацца аддаваць. Брыль. // што. Захаваць што‑н. у пэўным становішчы некаторы час. Пратрымаць акно адчыненым увесь дзень.

3. каго-што. Прымусіць прабыць каго‑н. у якім‑н. стане, становішчы некаторы час. Пратрымаць хворага ў пасцелі цэлы тыдзень.

4. без дап. Прабыць, захавацца, не змяняючыся некаторы час. Мароз пратрымаў два тыдні.

5. перан.; каго-што. Забяспечыць каго‑н. кормам; пракарміць. Цяпер Агаце не да парсюкоў, каб хоць як карову пратрымаць. Сабаленка. У .. [каваля] быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.