пратрымаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Патрымаць каго‑, што‑н. (на руках, у зубах, у роце і пад.) некаторы час. Пратрымаць дзіця на руках цэлы вечар.

2. каго-што. Не адпускаць, прымусіць быць, знаходзіцца дзе‑н. некаторы час. А Дануту доўга пратрымалі на Лукішках у турме, думаючы што-небудзь выпытаць. Карпюк. // што. Патрымаць што‑н. у сябе, не аддаваць некаторы час. Летась хлопцы пазычылі ў суседняй вёсцы, у сваяка, тоўсты том Гогаля, пратрымалі яго аж дагэтуль, дый то не хочацца аддаваць. Брыль. // што. Захаваць што‑н. у пэўным становішчы некаторы час. Пратрымаць акно адчыненым увесь дзень.

3. каго-што. Прымусіць прабыць каго‑н. у якім‑н. стане, становішчы некаторы час. Пратрымаць хворага ў пасцелі цэлы тыдзень.

4. без дап. Прабыць, захавацца, не змяняючыся некаторы час. Мароз пратрымаў два тыдні.

5. перан.; каго-што. Забяспечыць каго‑н. кормам; пракарміць. Цяпер Агаце не да парсюкоў, каб хоць як карову пратрымаць. Сабаленка. У .. [каваля] быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)