праступі́ць, ‑ступіць; зак.
Выступіць знутры на паверхню, прасачыцца наверх. Палкавы камісар ішоў пахістваючыся. Праз бінт на руках усё больш праступала крыві. Лупсякоў. // Выступіць, паказацца праз што‑н. Коратка падстрыжаныя валасы ў .. [Кіры] трохі раскудлаціліся, на смуглых шчоках праступіў румянец. Карпаў. // Стаць злёгку бачным. Потым у яго вачах у цемрадзі праступіла светлая пляма. Кандрат здагадаўся, што гэта сядзела Параска. Лобан.
прастыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прастыць.
прасты́лы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Які стаў халодным, астыў. Хутчэй сёрбаў.. [Адась] сваю, раніцаю звараную, прастылую вячэру. Калюга.
прастытуі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) прадажным, падкупным.
2. толькі незак. Зал. да прастытуіраваць.
прастытуі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
1. каго-што. Прымусіць (прымушаць) да занятку прастытуцыяй.
2. перан.; каго-што. Зрабіць (рабіць) прадажным, падкупным. Прастытуіраваць прэсу.
[Ад лац. prostituere — ганьбіць, няславіць, аддаваць на ганьбу, знявагу.]
прастыту́тка, ‑і, ДМ ‑тутцы; Р мн. ‑тутак; ж.
1. Жанчына, якая займаецца прастытуцыяй; публічная жанчына.
2. перан. Разм. Беспрынцыповы, прадажны чалавек.
прастыту́цыя, ‑і, ж.
1. У эксплуататарскім грамадстве — продаж свайго цела (галоўным чынам жанчынамі) з мэтай набыць сродкі для існавання.
2. перан. Прадажнасць, беспрынцыповасць. Палітычная прастытуцыя.
[Ад лац. prostitutio — апаганенне, абняслаўленне.]
прасты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
Тое, што і прастудзіцца. Прыглушаны, праляжаў .. [Ігнась] на халодным дажджы ў вадзе і прастыў. Мурашка. Неяк застудзіўся .. [дзед] на рабоце, прастыў. Лынькоў.
•••
(І) след прастыў гл. след.
прастэ́ча, ‑ы, ж.
Разм. Прастата. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас.