Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прасце́рціся, ‑сцярэцца; пр. прасцёрся, ‑сцерлася; зак.

Разм. Тое, што і распасцерціся (у 2, 3 знач.). Ён [аграном] едзе Шляхам векавым, Зямлёй зялёнай цешыцца. Раён прасцёрся перад ім, Як на далоні, свеціцца. Броўка. Неабдымная пустата прасцерлася наўкола. Гамолка. Шырокі і свабодны шлях Табе прасцёрся цераз далі... Буйло.

прасце́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Просты, бясхітрасны. Сяброўцы таксама было весела; асвойтаўшыся з прасцецкім, таварыскім пагранічнікам, яна дапытвалася з захапленнем і страхам: «А шпіёнаў вы лавілі?.. А якія яны?..» Мележ.

прасце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Станавіцца простым, прасцейшым.

пра́сці, праду, прадзеш, прадзе; прадзём, прадзяце, прадуць; пр. праў, прала; заг. прадзі; незак.

Скручваючы (воўну, кудзелю і пад.), рабіць ніткі. Удзень садзілася [Наста] прасці лён. Круцілася верацяно, .. ніткі тонкія выходзілі. Каваль.

прасціна́, ‑ы; мн. просціны, ‑цін; ж.

Прадмет пасцельнай бялізны — доўгі і шырокі кавалак тканіны, пераважна белай, які рассцілаецца на матрац або падкладваецца пад коўдру. Палатняная прасціна. □ Таццяна асцярожна несла дзіця, якое моўчкі прытулілася да яе і глядзела назад, дзе засталася яго маці. — На, загарні яго, — сказала адна жанчына і, выцягнуўшы з кошыка прасціну, падала яе Таццяне. Шамякін. Страшна было спаць .. на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Караткевіч. На многіх сенніках былі ўжо засланы просціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // Доўгі і шырокі кавалак спецыяльнай тканіны, якім выціраюцца пасля купання.

прасці́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прасціны. // Прызначаны для просцін. Прасціннае палатно.

прасціра́дла, ‑а, н.

Тое, што і прасціна. Ад самай печы да процілеглай сцяны раскінуўся шырокі палок.. У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень.. посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас. У паласе месячнага святла, якое падала праз акно ў пакой, было добра відаць белае, як снег, прасцірадла, якім заслалі канапу. Навуменка.

прасціра́цца, ‑аецца.

Незак. да прасцерціся.

прасціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасцерці.

пра́сціся, прадзецца; незак.

Зал. да прасці.