прастаты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да праста́ты.
праста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм. Выпрамляць, выраўноўваць. [Грасыльда:] — Помню, сядзіць мой Валодзя на ўслончыку ля грубкі з малатком — цвікі прастае. Пташнікаў. Хлопцы засяроджана і размерана прасталі бляху. Мурашка.
праста́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да прастак.
прастачо́к, ‑чка, м.
Памянш.-зніж. да прастак.
прастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Правесці які‑н. час стоячы. Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй. Колас. Хлопцы прастаялі пад ялінай хвілін дзесяць, а мо і больш. Шашкоў. // што. Прабыць на нагах да канца чаго‑н., адстаяць. [Жанчына] прастаяла імшу, не думаючы ні пра бога, .. ні пра што іншае. Чорны. // за чым. Правесці які‑н. час на якой‑н. рабоце, якая патрабуе стаячага становішча. Прастаяць усё жыццё за станком.
2. Прабыць на стаянцы, у лагеры і пад. які‑н. час. [Лейтэнант:] — У лагерах на станцыі Друць мы цэлае лета прастаялі. Васілевіч. / Пра поезд, параход і пад. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон прастаяў тры дні. Навуменка.
3. Прабыць які‑н. час без дзеяння, не функцыяніруючы. — Паехалі — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. — І так доўга прастаялі. Шахавец. Замест трох дзён паравоз прастаяў у рамонце тры гадзіны! Зуб.
4. Заставацца без змен на працягу якога‑н. часу. Пагода прастаяла з месяц. // Праіснаваць які‑н. час, не разбураючыся. Пра такія хаты гавораць, што яна прастаіць вякі і ніколі не спарахнее. Хомчанка.
прасто́й, ‑ю, м.
Вымушанае бяздзеянне (рабочай сілы, механізмаў), непрадбачаны перапынак у рабоце. А галоўнае — брат Сяргей кожную раніцу аглядае машыну, таму не было ніводнага прастою. Шамякін.
прасто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прастаяць.
прасто́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прастою. Прастойны час.
прасто́л, ‑а, м.
1. Трон манарха. // Трон як сімвал улады манарха.
2. У хрысціянскіх храмах — высокі чатырохвугольны стол пасярод алтара, за якім свяшчэннаслужыцель адпраўляе набажэнства.
•••
Наследнік прастола гл. наследнік.
прастоланасле́ддзе, ‑я, н.
Парадак атрымання ў спадчыну прастола, улады манарха. Закон аб прастоланаследдзі.