Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

калыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; незак., каго-што.

1. Мерна рухаць зверху ўніз або з боку ў бок; гайдаць, хістаць. Ветрык паволі калыхаў у руцэ лісток пісьма. Алешка. Там, у бяскрайняй вышыні, вецер калыхаў сцягі. Шамякін. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі.

2. чым. Рабіць чым‑н. мерныя павольныя рухі; ківаць. Калыхаць нагою.

3. Гайдаючы калыску, спяваючы калыханку, усыпляць (дзіця). За.. пераборкаю батрачка Матруна калыша дзіця маладой пары. Гарэцкі. // Навяваць сон (пра гукі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Парушаць, абуджаць (цішыню, спакой). Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Не салоўка голасам пявучым Над ракой калыша ціхі гай. З нар. // Парушаць душэўны спакой, хваляваць. Сцёпка доўга стаяў, любуючыся горадам, і нейкае новае адчуванне калыхала яго, прыцягвала да гэтага горада і ў той жа час палохала і непакоіла. Колас.

калыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да калыхацца.

калыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да калыхаць.

кальві́ль, ‑ю, м.

1. Сорт паўднёвай яблыні з вялікімі ружавата-жоўтымі яблыкамі.

2. Плод гэтай яблыні.

[Ад геагр. назвы.]

кальвіні́зм, ‑у, м.

Адно з пратэстанцкіх веравучэнняў, якое было заснавана ў Швейцарыі ў 16 ст. і шырока распаўсюдзілася ў Францыі, Нідэрландах, Англіі і некаторых інш. краінах.

[Ад імя яго заснавальніка Жана Кальвіна.]

кальвіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік кальвінізму.

кальвіні́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кальвінізму, кальвіністаў. Кальвінісцкая царква. Кальвінісцкі прапаведнік.

кальдкрэ́м, ‑у, м.

Касметычная мазь для змякчэння скуры.

[Англ. cold-cream.]

ка́лька, ‑і, ДМ кальцы; Р мн. калек; ж.

1. Спецыяльна апрацаваная празрыстая папера або тканіна, пры дапамозе якой знімаюцца дакладныя копіі з чарцяжоў і малюнкаў.

2. Копія чарцяжа або малюнка на такім матэрыяле.

3. Слова або выраз, утвораны па ўзору слова або выразу іншай мовы. Слова «аднаасобнік» — калька рускага «единоличник». Слова «самавызначэнне» — калька рускага «самоопределение».

[Фр. calque.]

калькава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калькаваць.