прапі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прапіць.
2. у знач. прым. Характэрны для таго, хто п’е многа спіртных напіткаў. Недзе на сяле чулася п’яная песня — асіплыя, прапітыя галасы то крычалі на ўсё горла, не слухаючы адзін аднаго, то зусім заціхалі. Мележ.
прапіха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапіхаць — прапхнуць.
прапіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прапхнуцца.
2. Зал. да прапіхаць.
прапіха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прапхаць, прапхнуць.
прапі́хванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапіхваць — прапхнуць.
прапі́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прапхнуцца.
2. Зал. да прапіхваць.
прапі́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прапхнуць.
прапі́цца, ‑п’юся, ‑п’ешся, ‑п’ецца; ‑п’ёмся, ‑п’яцеся; зак.
Патраціць усё на п’янства. [Бацька:] — Сапраўдны паляўнічы не прап’ецца, у карты не прагуляецца — яму гэта непатрэбна. Караткевіч.
прапіццё, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. прапіваць — прапіць (у 1 знач.).
прапі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. прапіў, ‑піла, ‑піло; заг. прапі; зак.
1. каго-што. Патраціць на выпіўку. Прапіць грошы. □ [Пятрусь:] — Не! Як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны? Колас.
2. што. Пашкодзіць чаму‑н., страціць што‑н. (здольнасць, талент) у выніку п’янства. Прапіць голас. Прапіць талент.
3. і без дап. Піць некаторы час. Прапіць увесь дзень.