Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прапішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што і без дап.

1. Абазвацца піскам. // Сказаць тонкім, пісклявым голасам. Банадзюк тонкім галаском прапішчаў у трубку, сказаўшы, што зараз будзе ўсё зроблена. Пестрак.

2. Пішчаць некаторы час.

прапла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Плаваць некаторы час. Праплаваць гадзіну ў рэчцы.

прапла́віць, ‑плаўлю, ‑плавіш, ‑плавіць; зак., што.

1. Падвергнуць плаўцы, пераплавіць. Праплавіць сто тон руды.

2. Плавіць некаторы час.

прапла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

Разм. Скончыць плакаць, выплакацца, паплакаўшы многа; наплакацца. Пэўна, старая праплакалася, занудзела, зняверылася... Гартны.

прапла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

Плакаць некаторы час.

•••

Праплакаць вочы — вельмі многа, доўга плакаць.

прапластава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прапластаваць.

прапластава́цца, ‑туецца; зак.

Размясціцца пластамі; перапластавацца.

прапластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Пракласці пластамі, накласці адзін пласт на другі.

прапласто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапластоўваць — прапластаваць і стан паводле знач. дзеясл. прапластоўвацца — прапластавацца.

прапласто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прапластавацца.

2. Зал. да прапластоўваць.