Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

праплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праплысці, праплыць.

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

праплы́ў, ‑плыву, м.

Спец. Спаборніцтва ў плаванні; адлегласць, накрытая плыўцом.

праплы́ць,

гл. праплысці.

праплю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Плюхацца некаторы час. Праплюхацца ў вадзе цэлы дзень.

прапля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пляскаць некаторы час.

прапляска́ць ​1, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак.

Пляскаць некаторы час (гл. пляскаць ​1).

прапляска́ць ​2, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак., што.

Пляскаць некаторы час (гл. пляскаць ​2).

праплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праплесці.

прапо́й, ‑ю, м.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапіваць — прапіць.

прапо́йны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прызначаны для прапою. Прапойныя грошы. // Уласцівы прапойцу; прапіты.

прапо́йца, ‑ы, м.

Разм. Чалавек, які спіўся; п’яніца. Апроч свае работы на пасадзе памочніка пісара, Хрыпач пісаў розныя прашэнні, скаргі, што складала значны прыбытак у бюджэце валаснога прапойцы. Колас.