праплысці і праплыць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. ▪ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. ▪ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)