Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анто́німы, ‑аў; адз. антонім, ‑а, м.

Пары слоў з процілеглым значэннем: праўда — хлусня, дабро — зло і пад.

[Ад грэч. anti — супраць і onyma — імя, назва.]

антра́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Перапынак паміж двума актамі ў спектаклі, паміж двума аддзяленнямі канцэрта і пад. Пасля антракту ў зале панавала ўрачыстая цішыня. Мікуліч. // перан. Перапынак у якім‑н. дзеянні, працэсе і інш. Абед з антрактам.

2. Музычны твор, які выконваецца паміж дзеямі, карцінамі опернага ці драматычнага спектакля. Сімфанічны антракт.

[Фр. entracte.]

антрапа...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да чалавека.

антрапаге́н, ‑у, м.

Спец. Апошні перыяд геалагічнай гісторыі Зямлі, які налічвае ад 1,7 млн. да 3,5 млн. год і звязаны з узнікненнем чалавека.

[Ад грэч. ánthrōpos — чалавек і genos — зараджэнне.]

антрапаге́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да антрапагену, звязаны з антрапагенам. Антрапагенавы перыяд працягваецца і зараз.

антрапагене́з, ‑у, м.

Раздзел антрапалогіі, які вывучае працэсы эвалюцыі чалавека на розных этапах.

[Ад грэч. ánthrōpos — чалавек і genesis паходжанне.]

антрапаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да чалавека, звязаны з дзейнасцю чалавека.

•••

Антрапагенны ландшафт — геаграфічны ландшафт, у фарміраванні якога адыграла ролю гаспадарчая дзейнасць чалавека.

Антрапагенны рэльеф — рэльеф, зменены або створаны дзейнасцю чалавека.

Антрапагенныя глебы — глебы, якія ўтварыліся ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей (парніковыя глебы).

антрапагра́фія, ‑і, ж.

1. Графічны наказ формы цела і касцей чалавека.

2. Апісанне асобных чалавечых рас і народнасцей.

антрапалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да антрапалогіі. Антрапалагічная літаратура. Антрапалагічны музей.

антрапало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае біялагічную прыроду чалавека.

[Ад. грэч. ánthrōpos — чалавек і logos — вучэнне.]