Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

антагані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Непрымірымы праціўнік.

2. звычайна мн. (антагані́сты, ‑аў). Органы або рэчывы, функцыі і ўзаемадзеянні якіх процілеглыя адзін аднаму.

антаганісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Поўны антаганізму; непрымірымы, варожы. Антаганістычныя класы буржуазнага грамадства.

антагене́з і антагене́зіс, ‑у, м.

Спец. Індывідуальнае развіццё жывёльнага або расліннага арганізма ад моманту яго зараджэння да смерці.

[Ад грэч. ōn, ontos — існае і genesis — паходжанне, развіццё.]

антагенеты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да антагенезу (антагенезісу); які звязаны з індывідуальным развіццём жывёльнага або расліннага арганізма. Антагенетычнае развіццё арганізма.

анталагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да анталогіі ​2.

антало́гія 1, ‑і, ж.

Зборнік выбраных твораў, часцей за ўсё вершаў, якія належаць розным аўтарам. Анталогія беларускай паэзіі. Анталогія беларускай народнай песні.

[Ад грэч. anthologia — букет кветак (назва зборнікаў выбраных твораў старажытнагрэчаскай паэзіі).]

антало́гія 2, ‑і, ж.

У дамарксісцкай філасофіі — метафізічнае вучэнне аб асновах быцця, якое цалкам супрацьпастаўляецца гнасеалогіі і логіцы; у марксісцкай філасофіі — вучэнне аб аб’ектыўнай дыялектыцы матэрыяльнага свету, заснаванае на яго навуковым пазнанні і звязанае з гнасеалогіяй і логікай.

[Ад грэч. ōn, ontos — існае і logos — вучэнне.]

антанімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Процілеглы па сэнсу (пра словы).

анто́н, ‑у, м.

Разм. Тое, што і антонаўка. Вось антоны, вось апорты, Вось і слуцкія вам бэры Тут вісяць, нібы збаны. Крапіва.

анто́наў, ‑нава.

У выразе: антонаў агонь гл. агонь.

анто́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.

1. Пашыраны сорт зімовай яблыні, на якой растуць буйныя, жоўтыя, віннакіслыя яблыкі. Пад цяжарам пахучых залатых яблыкаў згіналі да зямлі галіны антонаўкі. Васілевіч.

2. Плод гэтай яблыні. За хатамі спеюць улетку антонаўкі. Чорны. Паліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка.