Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анішто́, анічога, М ані аб чым; займ.

Разм. Зусім нішто, ні адзін прадмет.

анія́к, прысл.

Разм. Ніяк; зусім; зусім ніяк. Не магу аніяк Я з уласным асвойтацца ценем. Куляшоў. Збоку магло здавацца, што дзяўчына.. [Станкевіча] аніяк не цікавіць. Алешка. [Эльза] сябе адчувала так, быццам тутэйшыя людзі аніяк не маглі абысціся без яе. Чорны. // Ніякім чынам. Без.. [нажа] аніяк нельга было даступіцца да зайца. Маўр.

анія́кі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. займ. Зусім ніякі. Навокал не было аніякага гуку. Чорны. Некалькі дзён не было аб Ігнаце аніякіх чутак. Лынькоў.

2. у знач. прым. Вельмі дрэнны, нічога не варты. [Журавель:] — Шыя выгнута вужакай, Хараства ні ў чым няма І убор твой аніякі, І нягодная сама [Чапля]. Танк.

анкалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да анкалогіі. Анкалагічны дыспансер.

анкало́гія, ‑і, ж.

Раздзел медыцыны, які вывучае пухліны і метады іх лячэння.

[Ад грэч. onkis — уздутасць і logos — вучэнне.]

а́нкер, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў гадзіннікавым механізме, якое звязвае хадавое кольца з маятнікам і забяспечвае раўнамернасць ходу гадзінніка.

2. Металічная дэталь, якая служыць для змацавання састаўных частак збудаванняў, машын.

[Ням. Anker.]

а́нкерны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да анкера (у 1 знач.). Анкерны ход.

2. Які мае адносіны да анкера (у 2 знач.). Анкерны болт.

анке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

Апытальны ліст для збору пэўных звестак. Пасля гэтых імклівых пытанняў Філістовічу далі запоўніць анкету. Паслядовіч. [Бародка] уважліва і з цікавасцю перачытаў анкету, біяграфію. Шамякін.

[Фр. enquête.]

анкетава́нне, ‑я, н.

Спосаб сацыяльнага даследавання шляхам апытання пры дапамозе анкет.

анке́тны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з анкетай. Анкетныя звесткі.