Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

празме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць празмернага.

празме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае меру, вельмі вялікі па сіле, ступені праяўлення. Аднак Саша не паддаваўся на хітрасць, не праяўляў празмернай цікаўнасці. Новікаў. Кахаў .. [Андрэй] проста і шчыра, але ўсю справу сапсавала яго празмерная адданасць навуцы. Шамякін.

празо́рлівасць, ‑і, ж.

Здольнасць прадбачыць будучае; праніклівасць. Славіка.. ўразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой суперніцу». Шамякін.

празо́рлівец, ‑ліўца, м.

Празорлівы чалавек.

празо́рлівіца, ‑ы, ж.

Жан. да празорлівец.

празо́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны прадбачыць будучае; праніклівы. «Чаму яно так выходзіць? — думала ідучы Аксіння. — Ці гэта я такая адкрытая, простая, ці людзі сталі вельмі ж ужо празорлівымі, — нічога ад іх не схаваеш...» Кулакоўскі. // Зоркі, пільны (пра вочы).

празо́рца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Чалавек, надзелены здольнасцю яснабачання. [Маці] ведала, што гэтак усё і будзе. Словам — яна — празорца. Масарэнка.

празры́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць празрыстага. Быў верасень, стаялі цёплыя, ціхія, поўныя празрыстасці і бляску дні. М. Стральцоў.

празры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які прасвечваецца, прапускае святло. Празрыстая вадкасць. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. // Тонкі, праз які відаць іншыя прадметы; ажурны. Празрыстая тканіна. // Ясны, чысты, праз які добра відаць іншыя прадметы. Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеру на марскую. В. Вольскі. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай павуціны. Бядуля. Далягляд быў празрысты, і палоска лесу на небасхіле акрэслівалася выразна на чыстым небе. Хадкевіч. // у спалучэнні са словам «вочы». Ясны. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Гартны. // перан. З тонкай, бледнай скурай. Пасекліся косы за дротам. У ноч успамінаў і мукі Іх запляталі з пяшчотай Празрыстыя, цёплыя рукі. Маляўка. А калі яшчэ [Люся] надзявала белую сукенку — хоць ты яе насі на руках, гэткая яна станавілася лёгкая, празрыстая. Ермаловіч. // перан. Прыемны для слыху, меладычны. — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў. Чарот. // перан. Зразумелы, ясны, выразны. Метафары ў рамане таксама празрыстыя і выразныя, яны не засмечваюць мову, не абцяжарваюць стыль. Хромчанка. [Чорны] любіў празрыстую прозу Чэхава. «Полымя».

2. перан. Які можна лёгка разгадаць; ясны. Празрысты намёк. □ Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Навуменка.

празыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Насіць імя, назву, прозвішча; звацца. [Стрыбульскі:] — Дзейнічае тут партызанскі атрад. Празываецца «Дзед з барадою». Мележ. Кожны месяц настае маладзік перад нядзеляю, — маладзіковай празываецца тая нядзеля. Баранавых.