Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пра́гны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі моцна хоча, прагне чаго‑н. Вопытныя шахцёры з Расійскай Федэрацыі і Украіны клапатліва вучылі прагных да ведаў мясцовых хлопцаў. Паслядовіч. Ён быў на дзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі. Караткевіч. // Пражэрлівы, ненасытны. Ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. В. Вольскі. // Які выказвае прагнасць. На парозе паявіўся хлопец — чарнамазы, з гарачымі прагнымі вачыма. Мікуліч. [Аляксей] зрабіў некалькі прагных глыткоў і, цяжка ўздыхнуўшы, адкрыў вочы. Скрыпка.

2. Скупы, жадлівы. — Гэта, мабыць, людзі ўздумалі на .. [Палікара] за тое, што ён занадта ўжо прагным ды зайздросным быў на ўсё. Кулакоўскі. — Сяляне валілі сухастоіны, а прагнаму магнату і іх стала шкада. Гурскі.

прагняві́ць, ‑гняўлю, ‑гневіш, ‑гневіць; зак., каго.

Угнявіць, разгневаць; пакрыўдзіць. — У кожнага вадзіцеля знойдзецца сёе-тое ў запасе, — лагодна, каб не прагнявіць чалавека, сказаў Якаў. Кулакоўскі.

праго́йдацца,

гл. прагайдацца.

праго́йдаць,

гл. прагайдаць.

праго́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і прагайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Гойсаць некаторы час.

праго́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прагаліць.

праго́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прагольваць.

праго́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прагаліць.

праго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прагнаць (у 2 знач.).

2. Абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу. Новае гумно адгарадзілі ад старога, выгарадзілі прагон да яго. Чорны. // Такая ж дарога без агароджы, выган. Прычыніў хлеў і пагнаў каня ў вуліцу, а адтуль на прагон. Галавач.

3. Палоса, доўгі ўчастак поля, сенажаці і пад., адведзены для работы аднаму чалавеку, звяну, брыгадзе.

4. звычайна мн. (праго́ны, ‑аў). Павёрстная аплата за праезд на паштовых, а таксама аплата казной праезду па чыгунцы афіцэраў і цывільных чыноўнікаў у дарэвалюцыйнай Расіі.

праго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец. Інструмент для нарэзвання вонкавай разьбы.