Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прагля́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. праглядваць — прагледзець (у 1 знач.).

прагля́двацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і праглядацца (у 1 знач.). Праз густы, засаджаны старымі ясенямі і кустамі сквер праглядваліся два дамы — каменны і драўляны. Місько. Новае сховішча.. [Весялову] не спадабалася. Яно праглядвалася наскрозь, а значыць, і прастрэльвалася. Шашкоў.

2. Зал. да праглядваць.

прагля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Незак. да прагледзець (у 1 знач.).

2. Незак. да праглянуць.

праглядзе́ць,

гл. прагледзець.

прагля́нуць, ‑гляну, ‑глянеш, ‑гляне; зак.

Выглянуць, паказацца, стаць бачным на кароткі час. Дождж перастаў, праглянула сонца. В. Вольскі. Хмызы парадзелі, і ўперадзе праглянула палоска бурага ворыва. Хадановіч. // Месцамі з’явіцца. Разлілася.. [рэчка] паміж кустамі алешніку, асака праглянула на купінах, зноў дзяўчаты прыйшлі па лясныя кветкі. Даніленка. Трапляюцца толькі сыраежкі, ваўнянкі, ды яшчэ ліпкі масл[я]к прагляне з-пад хваёвай лапы. Кандрусевіч.

прагматы́зм, ‑у, м.

1. Рэакцыйная суб’ектыўна-ідэалістычная плынь у сучаснай буржуазнай філасофіі, якая лічыць ісцінай не тое, што адпавядае сапраўднасці, а тое, што дае буржуазіі практычна карысныя, г. зн. жаданыя вынікі.

2. Напрамак у гістарычнай навуцы, які абмяжоўваецца перадачай гістарычных падзей у іх знешняй сувязі і паслядоўнасці без раскрыцця аб’ектыўных законаў гістарычнага развіцця.

[Ад грэч. pragma — дзеянне, практыка.]

прагма́тык, ‑а, м.

Тое, што і прагматыст.

прагматы́ст, ‑а, М ‑тысце, м.

1. Паслядоўнік прагматызму як філасофскай сістэмы.

2. Гісторык, які прытрымліваецца прагматызму ў перадачы гістарычных фактаў.

прагматы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прагматычнага.

прагматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагматызму; заснаваны на прагматызме. [М. Гарэцкаму] аднолькава чужыя.. прагматычны погляд на літаратуру як ілюстрацыю сацыялагічных тэзісаў і эстэтычныя тэорыі прыхільнікаў чыстага мастацтва. Мушынскі.