Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прагніва́ць, ‑ае.

Незак. да прагніць.

прагні́лы, ‑ая, ‑ае.

Які прагніў. [Сябры] сталі на драўляным, прагнілым мосціку. Пестрак.

прагні́сці і прагні́ць, ‑гніе; зак.

Згнісці, згніць наскрозь. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў. // перан. Дайсці да стану распаду. Стары свет дашчэнту прагніў, струхлеў. Гурскі.

прагно́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прагнаіць.

прагно́з, ‑у, м.

Прадбачанне, прадказанне, заснаванае на пэўных дадзеных. [Вясна] надышла нечакана, насуперак прагнозу, які дало бюро надвор’я. Шамякін. Давяраўся сваёй інтуіцыі і Багдановіч, калі прарочыў будучае Коласу, Бядулі, Гарэцкаму. Але перш за ўсё яго прагнозы абапіраліся на рэальныя факты, на ўласны вопыт. Лойка.

[Грэч. prognōsis.]

прагно́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагнозу; заснаваны на прагнозе. Прагнозныя карты. // Які вызначаецца на аснове прагнозу. Прагнозныя залежы руды.

прагно́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Спосабы складання прагнозаў.

2. Уст. Тое, што і прагноз.

прагну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прагнуць.

2. у знач. прым. Які прагнуўся; выгнуты ўніз. Такія хаты з прагнутымі стрэхамі і крывымі акенцамі Ганька бачыла, ідучы ў школу. Васілевіч.

пра́гнуцца, ‑нецца; безас. незак., каму.

Разм. Хацецца, жадацца. Галенчык, якому прагнулася зноў заявіць пра сябе, узяў слова. Мележ.

прагну́цца, ‑гне́цца; зак.

Зрабіцца прагнутым, атрымаць выгіб пад уздзеяннем якога‑н. цяжару. Падлога зыбаецца, столь прагнулася. Гроднеў.

пра́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Адчуваць моцную прагу да чаго‑н.; моцна жадаць чаго‑н. Нізкія дрэўцы, нядаўна пасаджаныя на набярэжнай, пажаўцелыя, чахлыя. І яны прагнуць свежага паветра і чыстай вады. Лынькоў. [Валодзю] як бы хацелася аддаліць той момант, якога ён даўно прагнуў, момант спаткання з маці. Чорны.

прагну́ць, ‑гну́, ‑гне́ш, ‑гне́; ‑гнём, ‑гняце́; зак., што.

Пры дапамозе чаго‑н. цяжкага зрабіць прагіб, выгіб.