пра́гны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі моцна хоча, прагне чаго‑н. Вопытныя шахцёры з Расійскай Федэрацыі і Украіны клапатліва вучылі прагных да ведаў мясцовых хлопцаў. Паслядовіч. Ён быў на дзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі. Караткевіч. // Пражэрлівы, ненасытны. Ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. В. Вольскі. // Які выказвае прагнасць. На парозе паявіўся хлопец — чарнамазы, з гарачымі прагнымі вачыма. Мікуліч. [Аляксей] зрабіў некалькі прагных глыткоў і, цяжка ўздыхнуўшы, адкрыў вочы. Скрыпка.

2. Скупы, жадлівы. — Гэта, мабыць, людзі ўздумалі на .. [Палікара] за тое, што ён занадта ўжо прагным ды зайздросным быў на ўсё. Кулакоўскі. — Сяляне валілі сухастоіны, а прагнаму магнату і іх стала шкада. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)